На сучасным этапе развіцця сістэмы вышэйшай педагагічнай адукацыі павышаюцца патрабаванні да ўзроўню прафесіяналізму выкладчыка, узрастае роля яго асабістай адказнасці за выніковасць сваёй працы. Арыенціры гэтага руху вызначае час, эпоха, патрабаванні самога жыцця. У гэтай сувязі асаблівую актуальнасць набывае працэс філалагічнай адукацыі. ЭВМК «Уводзіны ў літаратуразнаўства» ўлічвае спецыфіку факультэта і ў гэтым сэнсе з’яўляецца пашыранай і праблемна заглыбленай версіяй дапаможніка па літаратуразнаўству для студэнтаў, якія атрымліваюць спецыяльнасць «Беларуская мова і літаратура». Мэта курса «Уводзіны ў літаратуразнаўства» — стварэнне неабходнай умовы для засваення студэнтамі літаратуразнаўчых дысцыплін, якія ўваходзяць у тыпавы вучэбны план. Задачы: 1) даць студэнтам пэўныя веды пра літаратуру як мастацкую з’яву і форму грамадскай свядомасці; 2) выпрацоўваць ўменні навуковага аналізу твораў, вызначэння іх тэмы, ідэі, праблематыкі, раскрыцця сувязі творчасці пісьменніка з яго светапоглядам; 3) навучыць вызначаць моўна-выяўленчыя сродкі, сістэмы вершаскладання, рытм, рыфму, страфу, а таксама род і асноўныя жанры мастацкіх твораў; 4) праводзіць работу па актывізацыі цікаўнасці будучых педагогаў да навінак літаратуры, на якія апіраецца выкладчык пры чытанні дысцыпліны.

У працэсе засваення курса «Уводзіны ў літаратуразнаўства» студэнты павінны авалодаць наступнымі ўменнямі: вызначаць родавую і жанравую спецыфіку мастацкіх твораў, іх ідэйна-тэматычную скіраванасць; характарызаваць сістэму вобразаў у творы; вызначаць моўныя выяўленчыя сродкі (лексічныя, сінтаксічныя, фанетычныя і інш.); аперыраваць тэхнікай вершаскладання; вызначаць, да якога метаду ці напрамку адносіцца творчасць пісьменніка; рабіць цэласны аналіз літаратурнага твора.